Home

Advertisement

Антось [entries|archive|friends|userinfo]
Антось

[ userinfo | livejournal userinfo ]
[ archive | journal archive ]

Моладзь БНФ заклікае выказаць салідарнасьць з Аляксандрам Казуліным 16 сакавіка ў 18:00 на Кастрычні [Mar. 13th, 2008|12:04 am]

"Усе мы ведаем сытуацыю, якая склалася вакол экс-кандыдата ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь Аляксандра Казуліна. Разумеем і тое, што менавіта зараз, як ніколі, гэтаму мужнаму чалавеку і яго сям'і патрэбная нашая падтрымка.

Дзякуючы шматлікім акцыям актывістаў дэмакратычнага руху, партрэты Казуліна з патрабаваньнем неадкладнага вызваленьня можна пабачыць на слупах, у падземных пераходах, расьцяжках, лунаючых на вежах і мастах.

Яшчэ паўгады таму мы нават уявіць не маглі тое, што Андрэй Клімаў, Аляксандр Зьдзьвіжкоў, Артур Фінькевіч, Зьміцер Дашкевіч і іншыя палітычныя вязьні апынуцца на свабодзе. Адбылося гэта ў выніку другой хвалі "лібэралізацыі", ці проста палітычнага гандлю, але тут ня трэба заніжаць і ролю грамадзянскай супольнасьці, палітычных структураў, якія таксама значным чынам паўплывалі на вырашэньне гэтай сытуацыі.

Аляксандр Казулін застаецца закладнікам асабістай помсты А. Лукашэнкі.

Усьведамляючы вышэйзгаданае, Моладзь БНФ прыняла рашэньне выказаць салідарнасьць з Аляксандрам Казуліным 16 сакавіка ў 18:00 на Кастрычніцкай плошчы.

Мы заклікаем усе дэмакратычныя сілы Беларусі, усіх неабыякавых людзей падтрымаць нашую ініцыятыву".

Рада Моладзі БНФ

да акцыі можна далучыцца таксама ў кантакце па адрэсе:
http://vkontakte.ru/search.php?e=1&group=1959403

link2 comments|post comment

Абяцаны дзёньнік з Акрэсьціна [Jan. 30th, 2008|12:30 pm]

Дзень першы. 16 студзеня.

Усё пачалося ў восем гадзін раніцы, калі мне патэлефанавала Каця Рамашкевіч і расказала пра затрыманьне сваёй сяброўкі Юлі Сіўцовай, якая ўдзельнічала ў акцыі індывідуальных прадпрымальнікаў. Я адразу напісаў пра гэта на наш сайт, пачаў рыхтавацца да іспыту, які павінен быць праз 3 дні і чакаць далейшых навінаў, якія былі несуцяшальнымі: на дзяўчыну склалі пратакол і зараз вязуць у суд Цэнтрыльнага раёну. Я патэлефанаваў і расказаў пра гэта сябрам, а сам паехаў у суд. Я там быў недзе каля гадзіны дня, было некалькі чалавек: Каця Рамашкевіч, Яўген Грыневіч. Мы чакалі, калі прыедзе адвакат, прывязуць Юлю і пачнецца суд, хваляваліся з-за прысуда, хаця разумелі, што будуць суткі. Праз гадзіну прыехалі Франак Вячорка і Юрась Станкевіч разам з адвакатам Аляксандрам Галіевым, хутка пачаўся працэс. Ён быў закрыты, нікога акрамя адваката туды не пусьцілі. Мы стаялі і чакалі прысуду, калі да нас падышлі супрацоўнікі Цэнтральнага РАУС і запатрабавалі дагументы, яны былі ва ўсіх: у мяне, у Франака Вячоркі, Аляксандры Клімовіч і Насты Птушкі, не было толькі ў  Юрася Станкевіча. Яго першым пачалі выводзіць з будынку суду, мае дакументы былі ў міліцыянтаў і адзін з іх сышоў разам з дакументамі. Пасьля да мяне падышоў міліцыянт у цывільным і пачаў выводзіць на вуліцу, дзе я ўбачыў Франака Вячорку і Юрася Станкевіча. Нас завялі ў машыну, пасадзілі на месца для затрыманым і некуды павезьлі.Мы хутка зразумелі, што гэта Цэнтральны РАУС. Усіх завялі ў адзін з пакояў, мы проста сядзелі, нас трымалі тры гадзіны як бы для высьвятленьня асобы У гэты час міліцыянт у цывільным пераглядаў апэратыўную відэаздымку з акцыі 10 студзеня, нас там не знайшлі. Пасьля скончыліся адведзеныя законам тры гадзіны, развялі па пакоях, пакой, дзе быў я, знаходзіўся на першым паверсе. Пакуль мяне вялі, я пасьпеў пабачыць маці і сяброў. Мне маці перадала швэдар, яе груба адпіхнулі. Завялі ў пакой, я запатрабаваў адваката, мне адразу адмовілі, а праз гадзіну я ўбачыў пратакол, па якому я лаяўся матам у прысутнасьці міліцыянтаў у час, калі мяне вялі з машыны ў будынак РАУС, я адмовіўся яго падпісваць. Пасьля мяне пераконвалі падпісаць, абяцаючы тады штраф. Не падпісаў. Можна падмануць каго заўгодна, акрамя самаго сябе. Пасьля мяне завялі ў пакой, дзе ішоў фільм пра міліцыянтаў, якія дапамагаюць жыхарам Палесься змагацца з паводкай. Там знаходзіўся больш за гадзіну. Супрацоўнікі мне казалі, што не трэба было ісьці на суд, што я трапіў пад так званую раздачу. Пасьля завялі ў машыну. Там былі мы ўтрох, Макс Венярскі, Уладзь Сяргееў, тры затрыманых актывісткі Маладога Фронту: Людвіся Атакулава, Каця Краснова і Кася Галіцкая, іх затрымалі на катку на Кастрычніцкай.

Павезьлі на Акрэсьціна, праверылі і да раніцы пасадзілі ў другую камэру. З раніцы павінны быў быць суд.

 

 

Дзень другі. 17 студзеня.

Разбудзілі рана, не далі не кавы, не гарбаты адразу паве5зьлі ў суд. Ад першай ночы на Акрэсьціна ўражаньне даволі брутальнае: прыбіральня, драўляная сцэна і ўсё. Больш у камэры няма нічога. У суд везь лі ўсіх разам, у ададной вялікай машыне. Да нас ноччу падсадзілі яшчэ Пашу Кур’яновіча, у якога было два тратаколы, акцыю і за лаянку матам. Калі мы прыехалі, ля суда ўжо былі людзі, я пазнаў Маркоўскую Кацю, Клімовіч Аляксандру, Зьмітра Хведарука, Лявона Барчэўскага,  Любоў Лунёву, Рамана Латушку. Дзякуй усім, хто прыйшоў на суд нас падтрымаць, негледзячы на магчымае затрыманьне. Усіх прывялі ў пакой на трэцім паверсе, пасадзілі ў адной залі. Доўга чакалі пакуль прыдуць судзьдзі, Бычко і Паўлючук. Пачалі выводзіць па аднаму на прэцэсы, якія цягнуліся больш за гадзіну. Прысуды былі не менш за 10 сутак, у асноўным 15. Каля трох гадзінаў дня павялі мяне. Мяне судзіла Паўлючук. Усё было вельмі стандартна: ілжэсьведкі, незадаволеныя хадайніцтвы, грубасьць міліцыянтаў. Мне пашчасьціла, мне далі толькі дзесяц. Папрасіў, каб далі магчымасьць паесьці, бо я не еў і не піў з вечара пазамінулага дня. Спачатку адмовілі, але пасьля працэсу далі перадаць мне некалькі бутэрбродаў і мінералку. Зьелі і вепілі ўсе разам.  Каля васьмі гадзінаў вечара ўсіх павезьлі ў РАУС, а пасьля на Акрэсьціна. Там нас з дзяўчынамі падзялі, іх у асобную камэру, нас у асобную. Я аказаўся ў камэры нумар 20. Нас было дванаццаць чалавек, пералічу ўсіх: Арсень Пахомаў, Андрэй Зорка, Юрый Куксюк, Анатоль Шумчанка, Уладзімер Шыла, Франак Вячорка, Юрась Станкевіч, Макс Венярскі, Паша Кур’яновіч, Уладзь Сяргееў,Алесь Чарнышоў. Адразу ляглі спаць, пачаліся акрэсьцінскія будні.

 

Дзень трэці. 18  студзеня

 

Першы дзень на Акрэсьціна. Прачнуліся, з раніцы пад'ём, праверка, сьняданак, ад якога я адмовіўся, есьці немагчыма: каша, якая плавае ў вадзе, гарбата, якая нагадвае звычайны кіпень з сольлю і цукрам. З раніцы гулялі ў мафію, у кракадзіла, пасьля чытаў кнігу. У першы дзень вырашыў паабедаць: зьеў катлету, якая насамрэч зьяўляецца хлебнай, крыху супу, усё прыйшлося заядаць акрэсьцінскім хлебам. Пілі вельмі шмат сока, мінералкі, кока-колы. Дмен лёг спаць, пасьля думаў: за што нас пасадзілі, яны хочуць нас так запужаць? Магчыма, але хучэй нават не нас, а тых людзей, якія зьбіраюцца ісьці на Плошчу 21 студзеня.

 

Дзень чацьвёрты. 19 студзеня.

Раніцай разбудзілі каля васьмі гадзін, якраз да ранішняй праверкі. Ноччу сьнілася Таня Цішкевіч, я не бачыў яе ўжо даўно, з суда, на якім ёй далі 20 сутак і сёньня, воляй лёсу, мы аказаліся ў адным і тым жа месцы. У сьне мы гулялі па Вільні ў гадзіну ночы, не маглі знайсьці Беларускі Дом Правоў Чалавека, размаўлялі. Сон быў вельмі доўгім і прыемным, я прачнуўся з цудоўным настроем, але ўбачыў, што тут яе няма, што гэта падман.З раніцы сьпявалі  "Магутны Божа", было ўзьнёсла і прыемна. У мяне сёньня іспыт па французкай мове, але я туды натуральна не трапіў. Разам з Юрасём Станкевічам вучыў польскую, чыталі, ён мне даваў граматычныя заданьні, трэба ж неяк больш-меньш з карысьцю праводзіць час на Акрэсьціна. Пасьля абеду нас павялі ў душ, гэта быў адзін з самых прыемных момантаў падчас адсідкі, і ногі можна размяць, і змыць з сябе ўвесь бруд, які назьбіраўся за некалькі дзён. Пасьля лёг спаць.

 

Дзень пяты. 20 студзеня

З раніцы прачнуўся ад болю ў горле, яно страшна балела, я адчуваў, што вельмі высокая тэмпература. Адчуваю, што захварэў. У камеры былі лекі, асьпірын, анальнін, антыбіётыкі. Выпіў некалькі таблетак. Пасьля запіў гарачай гарбатай, яна здалася вельмі смачнай, гэта радавала. Разумееш, што трэба піць шмат цеплага, але гэта, нажаль, толькі тры разы на дзень.Прасіў, каб прынесьлі яшчэ гарбаты, міліцыянты не дазволілі, выклікалі медыка. Была тэмпература 38, 6. Стала сапраўды страшна ў той момант. Мяне накрылі чым толькі можна, я нават пачаў думаць пра тое, каб прасіць выклікаць хуткую. Пасьля заснуў, увесь дзень знабіла, не мог нават устаць узяць вады. Дзякуй сукамернікам, яны мне вельмі дапамагалі.

 

Дзень шосты. 21 студзеня

Вечарам піў лекі, але раніцай лягчэй не стала. Прачнуўся рана, па маіх падліках было каля трох гадзінаў ночы. Доўга не мог заснуць ад болю ў горле. У шэсьць гадзінаў раніцы пачалася прыборка камэры, пасьля сьняданьне, пасьля праверка. Папіў лекаў, выпіў дзьве порцыі так званай гарбаты, пасьля зноў заснуў. Калі прачнуўся, то пайшлі чуткі, што частка палітычных пачала аб’яўляць галадоўку ў знак салідарнасьці з тымі, хто сёньня пойдзе на Кастрычніцкую Плошчу.

 

Дзень сёмы. 22 студзеня

Насуперак усяму, вельмі добра сябе адчуваю, баліць толькі сьпіна крыху, але гэта ў параўнаньні з мінулай хваробай проста драбяза. Ня сьнедаў, нават гарбату ня піў. Пасьля зноў лёг спаць, спаў да абеду. Прачнуўся ад таго, што ў камэры сьпявалі беларускія песьні: Шалкевіча, Касю Камоцкую, Крамбамбулю. Пасьля прыйшлі міліцыянты і сказалі супакоіцца, дазволіўшы сьпяваць толькі афіцыйны гімн, ды і тое, толькі стоячы. Абмяркоўвалі акцыю прапрымальнікаў, пра якую даведаліся дзякуючы Камсамолцы, якую нам перадалі. Вечарам чытаў падручнік па французкай мове.

 

Дзень восьмы. 23 студзеня

Нічога цікавага не адбылося, няма нават пра што напісаць. Звычайныя акрэсьцінскі будні.

 

Дзень дзевяты. 24 студзеня

Перадалі газэты, Беларусы і Рынак, Камсамолку, Наша Слова. Чамусьці не перадаюць ні Народную Волю, ні Нашу Ніву. Хучэй за ўсё, гэта загад. Другі раз за ўвесь час звадзілі ў душ, прыемна. Пасьля душа так званы абед, пасьля чытаў, гулялі ў гульні. Вечарам прыйшоў адвакат Павал Сапелка, падрабязна расказаў пра акцыю прадпрымальнікаў, пра вызваленьне Зьмітра Дашкевіча, пра зьняволеньне Зьдзьвіжкова. Адніх садзяць, іншых выпускаюць. Проста гульня.

 

 

Дзень дзесяты. 25 студзеня

Перадапошні дзень, вельмі хвалююся. Сёньня з раніцы пачалі вызваляць сукамернікаў-суседзяў. Іх павінны былі пачаць адпускаць днём, але пачалі з раніцы. Выйшлі-Шумчанка, Шыла, Зорка, Чарнышоў, Пахомаў, Куксюк. Усе вы-класныя людзі, вы мне сапраўды дапамагалі, калі было цяжка. Я асабліва дзякую Ўладзімеру Шылу за вершы, якія ён прыдумваў і пісаў літаральна кожную гадзіну. Пасьля да нас падсялілі Алега Корбана, якога, як мы даведаліся, затрымалі каля Акрэсьціна, калі ён прыносіў перадачу. Да чаго дайшла сыстэма, аднаго на акцыі, трох сяброў на ягоным судзе, яшчэ чалавека за перадачу. І для ўсіх ёсьць артыкул нумар 17, частка першая.

 

 

Дзень адзінаццаты. 26 студзеня. Апошні

 

Упершыню за ўвесь час прызначылі дзяржурным па камеры. Прыйшлося прачынацца першым, рабіцуь уборку. Пасьля сьняданьне, калі гэта можна так назваць. Пасьля чытаў кнігу. Апошнія гадзіны- самыя цяжкія. Як быццам не гадзіны, а дні. Выпусьцілі Макса Венярскага, хваляваньне павялічылася. Яго павінны былі выпускацуь на дзьве гадзіны раней за мяне. Макс вельмі класны чалавек, мы развіталіся, дамовіліся сустрэцца на волі. Прайшло яшчэ некалькі гадзін, дзьверы адчыняюцца, заходзіць міліцыянт, кажа:

”Каліноўскі, з рэчамі на выхад. Дзесяць хвілін занялі фармальныя працэдуры і я на Свабадзе!

 
link7 comments|post comment

На Свабодзе дыхаць лепей! [Jan. 26th, 2008|08:35 pm]

Некалькі гадзін таму выйшаў пасьля 10 сутак на Акрэсьціна. Затрымалі быццам бы за лаянку матам ля будынку аддзяфленьня міліцыі Цэнтральнага раёну.Дзякуй усім, хто прыйшоў падтрымаць мяне да будынка РАУС, у суд, сустракаў сёньня пасьля адсідкі. Афігенна, што да Юлі Сіўцовай прыйшло 5 чалавек,а да нас на наступны дзень, прыйшло чалавек 20, не пабаяўшыся магчымага затрыманьня. Дзякуй!
Я пісаў дзёньнік, заўтра-пасьлязаўтра вывешу яго ў ЖЧ.

link9 comments|post comment

Артыкыл, які я напісаў. [Sep. 30th, 2007|05:44 pm]

Для сайту pbnf.org я напісаў вось гэты артыкул, самаму  нешта не  падабаецца.А Вам як? Ці шмат памылак і недарэчнасьцяў? Камэнтар прыйшлося ўзяць з нэта.Шкада....


Эўрапейская палітыка добрасуседзтва, што яна можа даць Беларусі?

 

21 лістапада мінулага году Эўрапейскі Зьвяз апублікаваў дакумэнт, які зьмяшчае тыя перавагі, якія Эўразьвяз мог бы даць Беларусі, калі б краіна ўступіла на шлях дэмакратызацыі. Ён зьмяшчае пэўныя прыклады таго, якую карысьць народ Беларусі можа атрымаць ад збліжэньня з аб'яднанай Эўропай ў рамках Эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва (ЭПД). З-за пазывцыі беларускіх уладаў і існуючых палітычных абставінаў, Брусэль не мае магчымасьці прапанаваць Беларусі ўсе перавагі ЭПД, якімі ўжо карыстаюцца іншыя краіны, напрыклад Украіна і Малдова.

Эўрапейскі камісар па зьнешніх сувязях Бэніта Фэрэра-Вальднэр, прадстаўляючы той дакумэнт казала:

"Народ Беларусі мае права ведаць, што ён губляе. Наша пасланьне ў тым, што як толькі краіна выкажа сваю гатоўнасьць рухацца да дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства закона, мы будзем гатовыя пачаць партнэрства з Беларусьсю ў рамках ЭПД. Гэта азначала б істотнае павелічэньне дапамогі, якая значна палепшыць якасьць жыцьця беларусаў. Я спадзяюся, што народ Беларусі ўбачыць у гэтым дакумэнце шанец павярнуцца да дэмакратычнай будучыні, і, што ўрад Беларусі выкарыстае гэтую магчымасьць для правядзеньня неабходных у краіне рэформаў,"—заявіла Бэніта Фэрэра Вальднэр.

Калі б Беларусь паважала правы чалавека, дэмакратыю, вяршэнства закона, выконвала свае абавязкі, як сябра ААН і АБСЭ, яна магла б стаць паўнапраўным удзельнікам Эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва. Эўразьвяз і Беларусь маглі б працаваць разам для паляпшэньня жыцьця людзей. Зьявіліся б новыя гандлёвыя магчымасьці для беларускай эканомікі і стварэньня працоўных месцаў, паляпшэньня якасьці аховы здароўя і адукацыі, дапамогі ў сфэры аховы навакольнага асяродзьдзя, паслабленьне візавага рэжыму,-- гэта няпоўны пералік нерэалізаваных Беларусі.

Для таго, каб гэтыя яны адкрыліся, улады павінны паважаць права народу на выбар кіраўніцтва дэмакратычным шляхам, свабоду выказваньняў, роўны доступ да сродкаў масавай, свабоду асацыяцыяў. Ніхто не павінен падвяргацца турэмнаму зьняволеньню за выказваньне сваіх думак, і ніхто не можа быць пазбаўлены права ўдзелу ў вызначэньні будучыні сваёй краіны,- сказала Беніта Фэрэра Вальднэр.

ЭЗ дэманструе сваю гатоўнасьць падтрымаць народ Беларусі, дапамагаючы рэгіёнам і людзям, якія пакутуюць ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, і спрыяючы, напрыклад, барацьбе супраць гандлю жанчынамі на межах Беларусі. ЭЗ дапамагае дэмакратызацыі і грамадзянскай супольнасьці краіны: стварае новыя незалежныя мэдыі, стварае магчымасьці для паступленьня ў эўрапейскія ВНУ беларускім студэнтам, падтрымоўвае няўрадавыя арганізацыі.

linkpost comment

Мой артыкул.Як вам? [Sep. 2nd, 2007|03:45 pm]

Я сёньня для газэты "Навіны БНФ" напісаў артыкул.Людзі як вам?Ці шмат заганаў, недарэчнасьцей,памылак?Што Вы думаеце?


Прайшло лета, з акцыямі пратэсту, пасадкамі, затрыманьнямі, пачаткам падрыхтоўкі да Эўрапейскага Маршу. Гэтым летам можна назіраць моцнае павелічэньне рэпрэсіяў, асабліва ў рэгіёнах, дзе ўзбуджана некалькі крымінальных справаў супраць актывістаў дэмакратычнага руху: супраць Фёдарава ў Шклове, супраць Грышчэні ў Баранавічах, Панамарова ў Клецку, Шылы ў Салігорску, Азаркі ў Нясьвіжы. А чым займаліся структуры Партыі БНФ гэтым летам? Пра гэта мы спытаем у рэгіянальных лідэраў.

 

Максім Губарэвіч, Горадня:

“Гэтым летам у нас адбывалася шмат разнастайных акцыяў і імпрэзаў. Найперш гэта кампанія ў абароны гістарычнай забудовы Горадні, у межах якой адбываліся пікатаваньні будынкаў, якія зьбіраліся зносіць і флэш-мобы ў абарону Горадні. Падчас гэтых мерапрыемстваў затрымоўваліся нашы актывісты, пасьля над імі адбываліся суды. Таксама мы правялі культурніцкую кампанію “Музыкі супраць разбурэньня Горадні”, у межах якой выступілі Лявон Вольскі і Віктар Шалкевіч, Кася Камоцкая і Аляксандр Памідораў. Прайшло таксама некалькі фронтаўскіх мерапрыемстваў: традыцыйнае адзначэньне Купальля, з вогнішчам, нацыянальнымі танцамі і музыкамі,падчас якога выступілі Тацьцяна Беланогая і Пан Ськіргайла. А адразу пасьля Купальля адбыўся летнік “Гарадзенская Фартэца”, удзельнікі якога таксама прынялі актыўны ўдзел  у абароне гістарычнай забудовы Горадні.Гэ

Тым летам мы ладзілі імпрэзы на 15 ліпеня, на гадавіну Грунвальдзкай перамогі ў 1410 годзе,і адзначалі ў Зэльве 97-ыя ўгодкі з дня нараджэньня Ларысы Геніюш.”

 

Валер Пуціцкі, Рэчыца::

“Напрацягу лета мы падавалі заяўкі на правядзеньне пікетаў супраць адмены ільготаў и пікетаў  за вызваленьне палітычных вязьняў, але нам беспадстаўна адмаўлялі.А зараз уся Рэчыца рыхтуецца да Дажынак і ,напэўна, з гэтай нагоды мяне месяц таму ўзялі на працу. Мне патэлефанавалі з чыгункі, дзе я раней працаваў, і прапанавалі  працу, тэрмінам якраз да Дажынак. Я спачатку не разумеў з чаго б гэта, думаў, што мяне хочуць за што-небудзь пасадзіць, а потым мне сказалі, што такім чынам мясцовая ўлада хоча ўмерыць маю палітычную актыўнасьць ў гэты перыяд. А ў сярэдзіне ліпеня мясцовая ўлада зьнесла будынак старой гімназіі, яго зьнесьлі ў ноч з суботы на нядзелю, каб не ўбачыла грамадзкасьць і так і адбылося, мы з раніцы прачнуліся і будынку няма, вось такая наша ўлада.”

 

 

Аляксей Лапіцкі, Жодзіна:”Летам у нас асаблівых мерапрыемстваў не было, але мы заплянавалі на восень канцэрт з праглядам  фільмаў і выступам музыкаў. У нас летам сыстэмна распаўсюджвалася газэта Свабода і іншыя незалежныя выданьні. Таксама была пададзена скарга ў камітэт AAH па правох чалавека па факту татальнай забароны мітынгаў і пікетаў, якое назіраецца ў нашым горадзе апошнія некалькі год. Мы прайшлі ўсе інстанцыі ў Беларусі і нам нічога не заставалася рабіць, як шукаць праўды ў ААН. Зараз гэтая скарга прымаецца да разгляду.”

 

link6 comments|post comment

tik1 [Aug. 31st, 2007|09:34 pm]
 

Учора адсьвяткавалі канец лета.Было сапраўды вельмі файна.Дзякуй усім хто быў:ja000, ilai, koziel, kaciona, frizz, ne_muza і  іншым.Вы файныя людзі, вельмі ,вельмі файныя!

link2 comments|post comment

2 з паловай гадзіны працы [Aug. 26th, 2007|06:37 pm]
[mood | amused]

У чацьвер я  дзьве з паловай гадзіныгадзіны пісаў гэты артыкул.Абзвоньваў, запісваў, набіраў, рэдагаваў, вычытваў.....Людзі, ацаніце,ці быў сэнс усё гэта рабіць?Ці шмат заганаў, недарэчнасьцей,памылак?


Лявон Баршчэўскі: "Дзякуючы правалу путча адрадзілася незалежная Беларусь"



25 жніўня, праз некалькі дзён пасьля падаўленьня путчу ГКЧП, Дэклярацыя аб сувэрэнітэце атрымала канстытуцыйную сілу, Беларусь сапраўды стала Незалежнай, а праграма БНФ, якая дэкляравалася напачатку яго заснаваньня, ў 1989 годзе, была поўнасьцю выканана. Сваімі ўспамінамі дзеляцца дэпутаты Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Лявон Баршчэўскі, Алег Трусаў і Валянцін Голубеў.

Алег Трусаў.

Як Вы ўспрынялі путч ГКЧП?

Алег Трусаў:

”У дзень, калі пачаўся путч, мне патэлефанавалі  ў 6 гадзін раніцы і паведамілі,  што адбылося, я спачатку быў вельмі ўзрушаны, бо хадзілі чуткі, што існуюць сьпісы тых людзей, якіх трэба затрымаць, інтэрнаваць ці нават забіць. Але, паколькі той раніцай са мной нічога не здарылася, я вырашыў, што трэба ісьці на працу, у Вярхоўны Савет. Калі я туды прыйшоў, там былі ўжо многія дэпутаты з апазыцыі і мы пачалі вырашаць, што рабіць, як супрацьстаяць путчу і путчыстам.”

Што адбывалася ў гэтыя дні ў Менску і што рабілі Вы ў гэтыя дні?

Алег Трусаў:

“У гэты дзень у Менску было ціха, усе перапалохаліся, нават тыя, хто раней стала прымаў удзел у вулічных акцыях апазыцыі. На плошчу Незалежнасьці ў першы дзень путчу  прыйшло толькі некалькі сотен чалавек.”

Як Вы думаеце, якое значэньне путч меў для Беларусі?

Алег Трусаў:

“Жнівеньскі путч і тыя падзеі, што адбываліся пасьля далі Беларусі рэальную Незалежнасьць. Бо адна справа дэкляраваць, а зусім іншая дамагчыся Незалежнасьці сапраўды. Менавіта пасьля гэтых падзеяў СССР спачатку стаў канфэдэрацыяй, а потым, у сьнежні, гэтай дзяржавы не стала зусім, я ўпэўнены, што 25 жніўня павінна стаць дзяржаўным сьвятам і павінна ўвайсьці ва ўсе падручнікі гісторыі."

Валянцін Голубеў

Якія былі ў Вас адчуваньні ў першы дзень путча? Валянцін Голубеў:

“Было вельмі страшна, тэлебачаньне не працавала з самай раніцы, па ім ўвесь час ішоў балет. Мы, дэпутаты ВС, сазваніліся і ў 8 гадзін раніцы сабраліся ў нашым 363 кабінэце. Мы вырашылі сазваніцца з кіраўніцтвам парлямэнскай апазыцыі БНФ і вырашыць, як мы можам супрацьстаяць рэваншу камуністычных сілаў.”

Як паводзіла сябе ў гэтыя дні кіраўніцтва БССР? Валянцін Голубеў:

“Рэакцыі на падзеі не было амаль ніякай. Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету не прыняў тады ніякіх дэклярацый у падтрымку путча, як і Савет Міністраў. А што тычыцца  сілавых структураў, то і войска і міліцыя і КДБ занялі абсалютна нейтральную пазыцыю.Яны  хацелі паказаць, што не падтрымліваюць ні дэмакратычныя сілы, ні арганізатараў путча.

Мы ў той дзень хадзілі і клеілі па вуліцах улёткі з заклікам прыходзіць на мітынг да будынку ВС і за намі пастаянна хадзілі супрацоўнікі міліцыі, якія здымалі гэтыя ўлёткі, але прынцыпова не набліжаліся да нас бліжэй за дзесяць мэтраў. А адзіная ў Беларусі структура, якая падтрымала путч - гэта ЦК КПБ і асабліка яе першы сакратар Малафееў, які ў той момант хацеў стаць лідэрам рэваншыстаў ў БССР.”

Як Вы думаеце, якое значэньне мелі тыя падзеі для Беларусі?

Валянцін Голубеў:

“Падзеі такога кшталту заўжды пакідаюць вялікі сьлед у гісторыі. Путч мог спыніць развіцьцё многіх народаў СССР на доўгія гады, мог аднавіць у краіне дыктатуру, такую, якая была ў часы Сталіна. Мы тады вельмі баяліся гэтага, змагаліся супраць ГКЧП, супраць путчыстаў, і, дзякуючы гэтаму , дзякуючы правалу путча, камуністычная большасьць у парлямэнце прагаласавала за наданьне дэклярацыі аб сувэрэнітэце канстытуцыйнай сілы, за стварэньне сапраўды незалежнай дзяржавы.”

Лявон Баршчэўскі

Што вам найбольш запомнілася з тых дзён?Баршчэўскі Лявон:

“Дні путча былі вельмі запамінальнымі для мяне. Калі 19 аб”явілі пра прыход новай улады, я не  паверыў, што такое можа адбыцца на самой справе, бо добра ведаў, якія падзеі былі ў Польшчы ў 1981 годзе, ў мяне зарадзілася сумненьне ці сапраўдны гэта ўзброены пераварот, ці проста, можа быць, нейкая палітычная гульня.

У восем гадзінаў раніцы 19 жніўня. я прыйшоў, як і многія іншыя дэпутаты ад апазыцыі ў Вярхоўны Савет і мне далі інфармацыю, што Гарбачоў амаль ў палоне, што ў яго зьбіраюцца забіраць уладу. Мы пачалі пісаць заяву ў сувязі з падзеямі ў Маскве і хацелі яе надрукаваць у газэце ”Свабода”, рэдактар якой, Ігар Гермянчук, спадзяваўся выдаць газэту. Мы разам з Ігарам  пайшлі да тагачаснага старшыні Вярхоўнага Савету Мікалая Дзямянцея і папрасілі яго пракамэнтаваць падзеі ў Маскве. А ён, убачыўшы нас, пачаў лаяць Гарбачова, пачаў выказвацца ў абарону путча. Нам гэта вельмі дапамагло потым, бо ў Ігара быў з сабою дыктафон і ён запісаў словы старшыні ВС, якія мы далі паслухаць людзям, што стаялі на плошчы, потым гэты запіс даў нам магчымасьць дамагчыся адстаўкі Дзямянцея.

На наступны дзень у будынак парлямэнту прыйшлі ўжо каля шасьцідзесяці дэпутатаў, сярод іх быў і дэпутат Лукашэнка і ўсе яны, у тым ліку і Лукашэнка, падпісаліся пад заявай аб скліканьні пазачаргавай сэсіі  Вярхоўнага Савета. А праз некалькі дзён мы паехалі па рэгіёнам. Я быў у Полацку, дзе і сустрэў вестку пра паразу путчыстаў у Маскве.

25 жніўня ў Вярхоўным Савеце мы здолелі прыняць амаль усе законы, што былі прапанаваны апазыцыяй БНФ, здолелі зьмяніць старшыню Вярхоўнага Савету, замацаваць ў канстытуцыі дэклярацыю аб Незалежнасьці. Была нават верагоднасьць, што мы здолеем зьняць з пасады старшыню Савета Міністраў Вячаслава Кебіча, якога тады падтрымоўвала большая частка наменклатуры. Выканаўчую ўладу нават згаджаўся ўзначаліць дэпутат Карпенка - адзін з яскравых прадстаўнікоў дэмакратычнай апазыцыі. На мой погляд, каб гэта адбылося, ў Беларусі сёньня была б зусім іншая палітычная сытуацыя і іншая ўлада.”
link2 comments|post comment

navigation
[ viewing | most recent entries ]

Advertisement